1914

Год заснавання

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ПЕДАГАГІЧНЫ
ЎНІВЕРСІТЭТ ІМЯ МАКСІМА ТАНКА

Аб універсітэце

bspu

 

БДПУ: тады і цяпер

Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка» - вядучая ўстанова вышэйшай адукацыі нацыянальнай сістэмы педагагічнай адукацыі – забяспечвае падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі; буйны вучэбны і навукова-метадычны цэнтр, здольны генерыраваць новыя псіхолага-педагагічныя веды, распаўсюджваць і выкарыстоўваць іх для ўдасканалення якасці адукацыі.

З Гімнам БДПУ можна азнаёміцца па ссылцы.

 

БДПУ прызначаны:

  • рыхтаваць высокакваліфікаваных педагогаў, якія здольны самастойна і творча вырашаць прафесійныя задачы, валодаць перадавымі тэхналогіямі навучання і выхавання, асэнсоўваць асабістую і грамадскую значнасць педагагічнай дзейнасці і адказваць за яе вынікі;
  • інтэграваць патэнцыял адукацыі, навукі і інавацыйнай педагагічнай практыкі ў рамках кластарнай мадэлі развіцця педагагічнай адукацыі для павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў адукацыі;
  • ствараць адукацыйную прастору педагагічнага ўніверсітэта для творчага супрацоўніцтва выкладчыкаў і студэнтаў, бесперапыннага асобаснага і прафісійнага развіцця ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

 

За 100 гадоў існавання БДПУ не раз змяняў свае назвы:

  • Мінскі настаўніцкі інстытут (1914-1920),
  • Мінскі інстытут народнай адукацыі (1921-1922),
  • Педагагічны факультэт БДУ (1922-1931),
  • Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут (1931-1936),
  • Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага (1936-1993),
  • Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (1993-1995),
  • Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (з 1995).

Цяжка ўявіць, але Указ аб адкрыцці Мінскага настаўніцкага інстытута (першая назва вышэйшай навучальнай установы) быў падпісаны міністрам народнай асветы Расійскай імперыі яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны – 22 чэрвеня 1914 г. Па выніках першых уступных экзаменаў у інстытут залічана 30 чалавек.

У цяперашні час БДПУ выступае як адзіны вучэбна-навукова-метадычны комплекс, які з'яўляецца адным з самых буйных цэнтраў нацыянальнай сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Колькасць прафесарска-выкладчыцкага складу (на 10 верасня 2015 года) 808 чалавек, з іх 52 чалавекі (6%) – дактары навук, 305 чалавек (38%) – кандыдаты навук, 357 чалавек (44%) маюць вучоныя ступені і званні.

БДПУ налічвае каля 15 тысяч студэнтаў, якія навучаюцца па 64 спецыяльнасцях І ступені вышэйшай адукацыі і 18 спецыяльнасцях ІІ ступені вышэйшай адукацыі (магістратура).

Падрыхтоўка навуковых і навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі ажыццяўляецца па 48 спецыяльнасцях аспірантуры і па 18 спецыяльнасцях дактарантуры. Функцыянуюць два доктарскія і адзін кандыдацкі савет па абароне дысертацый па гістарычных, псіхалагічных і педагагічных навуках.

 

Больш, чым вышэйшая адукацыя

Вялікай запатрабаванасцю карыстаюцца ўніверсітэцкія адукацыйныя праграмы розных узроўняў адукацыі:

  • І ступень вышэйшай адукацыі (асаблівым попытам карыстаюцца такія спецыяльнасці, як «Выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка», «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)», «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)», «Практычная псіхалогія», «Сацыяльная работа», «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)», «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія»);
  • магістратура
  • аспірантура і дактарантура
  • павышэнне кваліфікацыі для розных катэгорый слухачоў

Далейшае развіццё БДПУ знаходзіцца ў руках таленавітай кагорты вучоных, закліканых адкрываць новыя гарызонты педагагічнай навукі, здольных цалкам аддаваць сябе служэнню Айчыне, навучанню і выхаванню маладых людзей.